сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення свабоднага апылення сорту Добрая Луіза. Раянаваны па рэспубліцы.
Дрэва сярэднярослае, крона круглаватая, густая. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы і бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шурпатая, аранжава-жоўтая з невялікім малінавым румянцам. Мякаць белая, сакаўная, масляністая, салодкая з лёгкай асвяжальнай кіслінкай і пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў кастр.—лютым; захоўваюцца да мая пры т-ры +1 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЗАР (Windsor),
Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс.ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст.Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЕ́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦККПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ГА (Odontites),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, пазатрапічнай Азіі. Паўн. Афрыцы. На Беларусі 2 віш: усюды — Дз. звычайная, або позняя (O. vulgaris), рэдка — веснавая (O. verna). Растуць на лугах, папарах, як пустазелле, каля дарог.
Аднагадовыя паўпаразітныя травяністыя расліны з прамастойнымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі, са слаба развітымі каранямі і гаўсторыямі на іх. Лісце супраціўнае, ланцэтнас або ланцэтна-яйцаладобнае, суцэльнае, па краі каротказубчастае, рэдка (верхняе) суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, двухполыя, двухгубыя, ружовыя або чырванаватыя, размешчаны ў пазухах прыкветных лістоў і сабраны ў верхавінкавыя гронка- або коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Анатоль Фёдаравіч) (н. 10.5.1926, в. Даўгаполле Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастацтвазнаўца, жывапісец, дызайнер. Канд. мастацтвазнаўства (1973). Праф. (1992). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1958). З 1963 у Віцебскім ун-це. Даследуе тэорыю і практыку дызайну. Сярод жывапісных работ: «Бацька Мінай» (1980), «Бацькава хата», «З вогненнай вёскі» (абедзве 1986), «Сафія Полацкая» (1987), «Позняя восень», «Вёска Даўгаполле» (абедзве 1988), «Дарога да Пушкіна» (1992), «Віцебская даўніна», «Зімовая казка», трыпціх «Гімн старому Віцебску» (усе 1996). Распрацаваў эмблему Ульянаўскага аўтазавода, шэраг юбілейных медалёў і інш.
Тв.:
Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.
В.В.Шамшур.
Анатоль Фёдаравіч Кавалёў. Вёска Даўгаполле. 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),
японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),
казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.Глебка, М.Танк, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, А.Ушакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).