ПАРКІНСО́НА ХВАРО́БА, дрыжальны параліч,

хранічная хвароба галаўнога мозга чалавека, якая прагрэсіруе. Праяўляецца дрыжаннем, экстрапіраміднай рыгіднасцю і інш. Апісаў англ. ўрач Дж.​Паркінсан у 1817 г. Дрыжанне пачынаецца з адной канечнасці (часцей верхняй), потым пераходзіць на другую, пашыраецца на галаву, язык і губы; павялічваецца пры хваляванні. Назіраецца скаванасць, запаволены тэмп рухаў хворага, рэдкае міганне, неадпаведнасць рухаў рук пры хадзе. Тыповая поза хворага на П.х. — сагнутая («поза прасіцеля»), Лячэнне: тэрапеўт., хірургічнае.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЯВА́ ((Kaniava) Эдуардас) (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),

літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.​Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.​Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),

нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.​Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Мефістофель («Фауст» І.​В.​Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Іванаў («Іванаў» А.​Чэхава) і інш.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),

запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.​А.​Карпаў.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ ((Gobbi) Ціта) (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),

італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд. ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш. еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.​Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.​Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.​Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

Ц.Гобі ў ролі Скарпія.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 14.6.1931, в. Марына Тамбоўскага р-на, Расія),

бел. спявак (драматычны барытон). Засл. арт. Расіі (1961). Нар. арт. Беларусі (1963). З 1952 працаваў у оперных т-рах Масквы, Чэлябінска, Адэсы, Новасібірска. У 1962—88 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, характэрнага тэмбру. Яркі сцэнічны талент артыста дазваляе яму ствараць псіхалагічна дакладныя вобразы. Найб. ярка творчая індывідуальнасць С. раскрылася ў ролях драм. і трагедыйнага планаў. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Апанаса («Алеся» Я.​Цікоцкага), Сцяпана («Яснае світанне» А.​Туранкова), Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Кізгайлы («Сівая легенда» Дз.​Смольскага). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Рыгалета, Аманасра, Яга, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Атэла», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята» Дж.​Вердзі), Зурга, Эскамільё («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.​Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фрыдрых фон Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Томскі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Напалеон («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). У камерным рэпертуары рамансы рус. і замежных кампазітараў-класікаў, песні і рамансы бел. кампазітараў.

І.​М.​Шмелькіна.

І.​Дз.Сарокін.
І.Сарокін у ролі Леўчука.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)