«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,
гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер 4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.
Л.К.Алексютовіч.
т. 11, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)