ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМ у канстытуцыйным праве,
наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.
т. 12, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТУМ (ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотуму давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)