КО́РСІКА (Corse),

востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс. км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс. чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.

Літ.:

Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЕЖ, Лёйк (франц. Liége, флам. Luik),

горад на У Бельгіі, у сутоках рэк Маас і Урт. Адм. ц. прав. Льеж. Засн. ў 8 ст. як рэзідэнцыя епіскапа. 196 тыс. ж. (1992). Буйны трансп. вузел, порт (каналам Альберта звязаны з Антверпенам). Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, металаапр. і маш.-буд., хім., гумава-тэхн., ваенная, цэм., тэкст. і харчовая. Вытв-сць хрусталю, паляўнічай і спарт. зброі. Здабыча каменнага вугалю. Каралеўскае навук. т-ва (з 1835), Акадэмія мастацтваў, ун-т (з 1817), кансерваторыя (з 1826).

Стары горад размешчаны на паўн. узвышаным беразе р. Маас. Арх. помнікі: цэрквы Сен-Бартэлемі (11—12 ст., раманскі стыль), Сен-Жак (11—16 ст.) і Сент-Круа (13—14 ст.) з раманскімі і рэнесансавымі рысамі, сабор Сен-Поль (13—15 ст., готыка).

Сярод помнікаў грамадз. архітэктуры палац князёў-епіскапаў (пачаты ў 10 ст., 1145—64, майстар Х. дэ Леен, 1526—36. арх. А. ван Мулкен; цяпер Палац юстыцыі), б. Мясныя рады (1545), дом Курцыуса (1600—10; цяпер Археал. музей), ратуша (1714—18, класіцызм). З 20 ст. на ПдЗ развіваецца новы горад. Найб. значныя збудаванні: жылы комплекс Плен-дэ-манёўр (1956, арх. Ш.Карлье), ун-т з бальнічным комплексам (1970, арх. СЛ.Стрэбель, Ш.Вандэнгоф) і інш. Помнікі: кампазітару А.Грэтры (1842, скульпт. В.Гефс), скульптару Ж.Дэлькуру (1911, П. дзю Буа і М.Кален), «Ле Перон» — сімвал вольнасцей і прывілеяў горада (1697—98, скульпт. Ж.Дэлькур). Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтваў г. Льеж, валонскага побыту, епархіяльны, шкла, Зала Вітэрт і інш.

І.Л.Чэбан (архітэктура).

Палац епіскапаў у Льежы.
Да арт. Льеж. Помнік «Ле Перон».

т. 9, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)