Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕКТР (ад грэч. plēktron),
медыятар, прыстасаванне для гуказдабывання на некат. струнных шчыпковых муз. інструментах (цытры, мандаліне, домры і інш.). Звычайна касцяная, пластмасавая або метал.пласцінка, гусінае пяро ці кальцо з «кіпцюром», якое надзяваюць на палец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДКО́СНІЦА, перыёст,
тонкая пласцінка, якая ўтвараецца валакністай злучальнай тканкай і ўкрывае косць звонку. У дарослых жывёл і чалавека звычайна двухслаёвая. Злучае косць з навакольнымі тканкамі, на ёй мацуюцца фасцыі, звязкі, сухажыллі. Прымае ўдзел у рэгенерацыі, росце і трофіцы косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́ТКА (ад франц. palette пласцінка, планка),
1) квадратная або інш. сетка ліній вызначаных памераў на празрыстай аснове для вымярэння плошчы ўчасткаў, часцей крывалінейных контураў, на плане і карце, адліку каардынат і інш. 2) Тонкая каменная плітка з рэльефнымі адлюстраваннямі, характэрная пераважна для мастацтва Стараж. Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКЕ́ТКА (франц. plaquette памяншальнае ад plaque пласцінка, дошчачка),
1) твор медальернага мастацтва, які адрозніваецца ад звычайнага медаля прамавугольнай або блізкай да яе формай. Паводле зместу шырэйшая за медаль, можа мець разгорнуты сюжэт, што набліжае яе да скульптуры. Бываюць керамічныя, метал., фарфоравыя, шкляныя і інш. Паводле правіл Міжнар. федэрацыі медальераў не павінны быць даўжэй за 180 мм па большаму боку. Пашырыліся ў 19—20 ст. На Беларусі П. рабілі і робяць Г.Асташонак, Э.Астаф’еў, Л.Багданаў, В.Буціна, С.Гарбунова, А.Дзятлава, У.Жохаў, А.Зіменка, С.Ларчанка, В.Леантовіч, Ю.Любімаў, У.Мелехаў, У.Мурахвер, В.Прыешкін, Л.Талбузін, В.Янушкевіч і інш. 2) Пласцінка (метал., керамічная і інш.) з рэльефнай выявай, прызначаная для ўпрыгожання мэблі, хатняга начыння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́СТКІ,
парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯБЕ́ННЕ,
верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПЛАКІ́Я (ад грэч. leucos белы + plakion плітка, пласцінка),
пашкоджанне слізістай абалонкі чалавека ў выніку працяглага ўздзеяння раздражняльнікаў (алкаголь, тытунь, зубныя пратэзы і інш.). Адносіцца да перадпухлінных хвароб. Найчасцей хварэюць мужчыны. Выяўляецца ачагамі шаравата-белага колеру на слізістых абалонках языка, шчок, геніталіяў з нязначнымі ўшчыльненнямі; пры працяглым існаванні адбываецца патаўшчэнне слізістай абалонкі, сасочкавыя разрастанні, магчымы пераход у плоскаклетачны рак. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае, прамянёвая тэрапія.