ПЛАСТЫКА́Т,
эластычная пластмаса на аснове пластыфікаванага полівінілхларыду. Выпускаецца ў выглядзе гранул, плёнак, лістоў. Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, у вытв-сці шлангаў, цыраты, цацак.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ ЭКРА́Н,
прыстасаванне, на плоскую або крывалінейную паверхню якога праекціруецца фільм. Бывае святлоадбівальны і святлопрапускальны; дыфузна-рассейвальны і накіравана-рассейвальны. Асновай К.э. служаць тканіна з белым пігментным пакрыццём або пластыкат з металізаванай ці ціснёнай паверхняй. Для стэрэапраекцыі карыстаюцца растравым К.э. Гл. таксама Экран.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)