Планёрны спорт 8/461; 10/409
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЁРНЫ СПОРТ,
палёты і спаборніцтвы на планёрах; від. авіяц. спорту, адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць палёты: скарасныя па трохвугольных маршрутах на адлегласць 100, 200, 300 і 500 км; на далёкасць да намечанага пункта з вяртаннем на старт; на далёкасць з пасадкай у канечным пункце; на т.зв. адкрытую далёкасць па прамой і на далёкасць з праходам 1 ці 2 паваротных пунктаў; дасягненне абс. вышыні палёту. Спаборніцтвы праводзяцца на планёрах стандартнага (крыло даўж. да 15 м) і адкрытага (больш за 15 м) класаў.
П.с. узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Заснавальнік О.Ліліенталь. У Расіі першыя гурткі планерыстаў узніклі ў 1900-х г. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1948, раз у 2 гады. Планёрная камісія створана пры Міжнар. авіяц. федэрацыі ў 1950. Найб. развіты П.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.
На Беларусі П.с. развіваецца з канца 1930-х г. Сярод бел. спартсменаў А.Белякоў, чэмпіён СССР і 6-й Спартакіяды народаў СССР (1975); І.Баркоўская, чэмпіёнка СССР (1978); А.Дзятлаў, чэмпіён свету (1994); А.Каўшырка, рэкардсмен свету і СССР па скорасці палёту для 2-месных планёраў (1963).
т. 12, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯЦЫ́ЙНЫ СПОРТ,
агульная назва відаў спорту, звязаных з выкарыстаннем лятальных апаратаў. Уключае верталётны спорт, дэльтапланёрны спорт, парашутны спорт, планёрны спорт, самалётны спорт.
т. 1, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),
масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).
Г.К.Кісялёў.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)