Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Размешчаны за 6 км ад г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобласці. Арганізаваны ў 1969 на базе дэндрарыя Негарэльскага навук.-доследнага лясгаса (закладзены ў 1954). Пл. 25 га. У садзе дэндрарый (620 відаў, формаў і сартоў), інтрадукцыйны гадавальнік і школьнае аддзяленне, матачная плантацыя, калекцыйны ўчастак травяністых адна- і шматгадовых раслін, пладовы сад, участак мясц. флоры, музей прыроды. У калекцыях 1384 віды, разнавіднасці і сарты раслін, культывуюцца 28 відаў рэдкіх раслін і раслін, якія знікаюць. База для падрыхтоўкі спецыялістаў лясной гаспадаркі і азелянення, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
т. 2, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял. Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
т. 2, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)