прыродныя механізмы, якія забяспечваюць падтрыманне дынамічнай раўнавагі ў экалагічных сістэмах рознага ўзроўню — ад біягеацэнозаў да біясферы ў цэлым. Грунтуецца на прамых і зваротных функцыянальных сувязях паміж асобнымі кампанентамі экасістэм і накіравана на нейтралізацыю ўзрушэнняў, што ўзнікаюць пад уплывам вонкавых абіятычных, біятычных і антрапагенных фактараў, спрыяе самаразвіццю экасістэмы. Пры перавышэнні неспрыяльных для экасістэмы магчымасцяў аўтарэгуляцыя можа пераходзіць у стан дэградацыі і разбурэння. Вывучэнне механізмаў аўтарэгуляцыі дае магчымасць планавацьгасп. дзейнасць чалавека і вызначаць кірункі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Аўтарэгуляцыя ўласціва асобным арганізмам і іх папуляцыям (самарэгуляцыя), спрыяе іх адаптацыі да змененых умоў існавання, а таксама біял. сістэмам даарганізмавага ўзроўню (напр., пэўным біяхім. цыклам і працэсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯбіялагічная,
здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планавацьгасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,
графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш. Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,
стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал. аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.
Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам. або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.
Літ.:
Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;
Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;
Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;
Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;
Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;
Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.
А.В.Самойленка.
Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).