ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),
наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Г.А.Маслыка.
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)