плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),
група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.
Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭПАНАКЛА́ДУС (Drepanocladus),
род брыевых імхоў сям. амблістэгіевых. Вядома 40 відаў. Большасць з іх пашырана ў халодных і ўмераных зонах. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца балотныя — Д. глянцаваты (D. vemicosus) і Д. сагнуты (D. aduncus); у вадаёмах пашыраны Д. Зентнера (D. sendtneri), Д. бяскольцавы (D. exannulatus) і Д. плаваючы (D. fluitans); Д. кручкаваты (D. uncinatus) расце ў хвойных і мяшаных лясах. Торфаўтваральнікі.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі звычайна бліскучыя, буйныя, зялёныя, жаўтавата-зялёныя, карычневыя, чарнаватыя. Сцябло ляжачае да прамастойнага. Лісце цэльнакрайняе ці пілаватае. Каробачка са спорамі на прамой ножцы, цыліндрычная, сагнутая; вечка з дзюбай або бародаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),
арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕПРАХО́ДЦЫ,
рускія людзі, падарожжы якіх у 16—17 ст. прывялі да вял.геагр. адкрыццяў у Сібіры, на Д. Усходзе і ў марскіх прыбярэжных водах, якія іх абмываюць. Пераважна гэта служылыя (казакі), гандлёвыя або «прамысловыя» (займаліся пушнымі промыслам) людзі. У выніку іх дзейнасці, якую падтрымлівалі і часткова накіроўвалі рус. ўрад і мясц. сібірская адміністрацыя, значная ч.Зах. Сібіры да Енісея да пач. 17 ст. даследавана і далучана да Рускай дзяржавы. У 1610 К.Курачкін даў апісанне р. Енісей і прылеглых да яе раёнаў. У 1633—34 З. на чале з І.І.Рабровым выйшлі па р. Лена да Ледавітага ак. У 1639 І.Ю.Масквіцін першы з еўрапейцаў дасягнуў Ахоцкага м. і плаваў уздоўж яго берагоў. У 1648 Ф.Папоў (Аляксееў) і С.І.Дзяжнёў здзейснілі плаванне вакол п-ва Чукотка. фактычна адкрылі праліў, які аддзяляе Паўн.-Усх. Азію ад Паўн. Амерыкі. У 1643—46 В.Д.Паяркаў і ў 1649—52 Е.П.Хабараў ажыццявілі паходы па р. Амур. У выніку падарожжаў З. ў 1-й пал. 17 ст. пройдзены і часткова вывучаны вялізныя тэр.Усх. Сібіры і Д. Усходу, адкрыты воз. Байкал і буйныя рэкі, па якіх З. спускаліся ў Паўн. Ледавіты ак.Плаваючы паміж іх вусцямі, З. прайшлі па частках усе ўчасткі Паўн. марскога шляху, у т. л. абышлі морам п-аў Таймыр. У 2-й пал. 17 ст. адкрыты п-аў Камчатка (У.В.Атласаў, 1697—99), пашыраны звесткі пра п-аў Чукотка. З. складалі «чарцяжы». карты, апісвалі прыроду і насельніцтва, пасылалі данясенні («скаскі») пра свае адкрыцці.
Літ.:
Лебедев Д.М., Есаков В.А. Русские географические открытия и исследования с древнейших времен до 1917 г.М., 1971.