песцік

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕЦЭ́Й (ад гін... + грэч. oikion хата, жыллё),

рэпрадукцыйная ч. кветкі, сукупнасць усіх пладалісцікаў, якія ўтвараюць адзін або некалькі песцікаў — жаночых органаў кветкі. Гінецэй, складзены з свабодных пладалісцікаў, кожны з якіх утварае песцік, наз. апакарпным (напр., у казяльцу). У працэсе эвалюцыі пладалісцікі зрастаюцца і ўтвараецца цэнакарпны гінецэй. У цэнакарпным адрозніваюць сінкарпны (напр., у лілеяў і цюльпанаў), паракарпны (у маку, агурка, гарбуза) і лізікарпны (напр., у вочнага цвету) гінецэй.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯКВЕ́ТНІК,

лістападобныя покрыўныя органы кветкі, якія акружаюць тычынкі і песцік. У падвоенага К. (званочак) вонкавыя зялёныя лісцікі — чашачка, унутр. ярка афарбаваныя — вяночак. Просты К. складаецца з аднолькавых па афарбоўцы лісткоў (у лілеі). Бывае ярка афарбаваны, паходзіць на вяночак і наз. вяночкападобным (у цюльпана), калі К. зялёны і паходзіць на чашачку то наз. чашачкападобным (у крапівы). У некат. відаў К. адсутнічае (у вярбы, ясеня), таму кветкі наз. голымі ці бяспокрыўнымі.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,

кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл. Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКА,

орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.

Да арт. Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)