Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЯРЫ́»,
бел. вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1969 пры Бел. філармоніі, з 1985 Дзярж.бел. эстрадны ансамбль «П.» Маст. кіраўнік У.Г.Мулявін. Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці характэрны апора на нац. традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэт. сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой, рана на Йвана», «Перапёлачка», «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Хлопец пашаньку пахае», «Як я ехаў да яе», цыкл каляндарна-абрадавых), творы бел. кампазітараў («Спадчына», «Хатынь», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася», «Явар і каліна» Ю.Семянякі, «Александрына», «Завушніцы», «Балада пра чатырох заложнікаў», муз. паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.Купалы, песенныя праграмы з муз. Мулявіна «Праз усю вайну», «Ва ўвесь голас», «Вянок» паводле твораў М.Багдановіча, «Голас душы» на нар. тэксты і інш.). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі засл. арт. Беларусі Л.Барткевіч, В.Дайнэка, А.Дзямешка, А.Кашапараў, У.Місевіч, І.Пеня, Л.Тышко. У 1990-я г. склад П. цалкам абноўлены. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. 1-я прэмія міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973), лаўрэат II фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЯ (Ігар Аляксандравіч) (н. 29.10.1952, г. Астрахань, Расія),
бел. эстрадны спявак, музыкант (клавішныя інструменты). Засл. артыст Беларусі (1990). Скончыў муз. вучылішча (1973) у г. Днепрапятроўск (Украіна). З 1980 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 — «Беларускія песняры» пры дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». У рэпертуары бел. народныя песні, творы сучасных, у т. л.бел. (І.Лучанок, У.Мулявін, А.Іваноў, А.Казловіч і інш.), кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЕ́ВІЧ (Уладзіслаў Людвігавіч) (н. 8.5.1945, г. Арэнбург, Расія),
бел. эстрадны музыкант. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі (1963—66), скончыў Мінскі ін-т культуры (1988). З 1967 артыст-інструменталіст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1969—93 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 артыст і дырэктар вак.-інстр. ансамбля «Беларускія песняры» пры Дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае некалькімі духавымі муз. інструментамі (флейта, саксафон, дудачкі), добрымі вак. данымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТКЕ́ВІЧ (Леанід Леанідавіч) (н. 25.5.1949, Мінск),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1979). У 1970—80 саліст-вакаліст ансамбля «Песняры» (найб. адказныя сола ў работах «Гусляр» І.Лучанка і «Песня пра долю» У.Мулявіна). У 1983—89 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Запісаў з ансамблем і сола шмат бел.нар. песень на магнітную стужку і грампласцінкі (некат. ў дуэце з Данчыкам). З 1989 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАПА́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (н. 15.10.1950, Мінск),
бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1979). У 1972—89 у ансамблі «Песняры», выконваў сола ў вак. цыкле У.Мулявіна на словы Я.Купалы і ў нар. песні «Дзяўчына-сардэнька» ў яго апрацоўцы, песнях «Добры вечар, дзяўчыначка» І.Лучанка, «Волагда» Б.Макравусава, «Я не магу іначай» А.Пахмутавай Яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. Жыве ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́ШКА (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 24.4.1947, г. Брэст),
бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т. л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т. л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц.т-ва «Лужнікі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЭ́КА (Валерый Сяргеевіч) (н. 29.11.1951, г.п. Рудзенск Мінскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1971), Мінскі ін-т культуры (1988). З 1972 у Бел. філармоніі, з 1977 у ансамблі «Песняры», у 1993—96 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. З 1997 выкладае ў мінскім Ін-це сучасных ведаў. У канцэртным рэпертуары творы сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: А.Пахмутавай, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, У.Мулявіна, В.Іванова, Дз.Даўгалёва, А.Елісеенкава на словы бел. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),
бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел.тэатр.т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).
А.М.Замай.
А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш.бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».