КО́РТЫЕЎ О́РГАН,

перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.​Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с. Гл. таксама Вуха.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРАГІ́РА (Spirogyra),

род ніткаватых зялёных водарасцей сям. спірагіравых Каля 340 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца пераважна ў прэсных водах, на вільготнай глебе і інш. На Беларусі 8 відаў С.: бліскучая (S.nitida), зменлівая (S.varians), пагарджаная (S.neglecta), рачная (S.fluviatilis), тоўстая (S.crassa) і інш.

Ніткі даўж. 8—10 см, негалінастыя, плаваюць свабодна або прымацаваныя да субстрату рызоідамі. часта ўтвараюць «ціну». Ніткі складаюцца з аднаго рада клетак, якія маюць цэлюлозную абалонку, абкружаную сліззю. Перыферыйны хларапласт у выглядзе закручаных стужак. Размнажэнне вегетатыўнае (разрыў ніткі) і палавое (лесвічная і бакавая кан’югацыя).

Т.​М.​Міхеева.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВО́ДУ-ВЫ́ВАДУ ПРЫСТАСАВА́ННЕ ў ЭВМ,

блок ЭВМ ці выліч. сістэмы для ўзаемаабмену інфармацыяй паміж цэнтр. працэсарам і перыферыйнымі прыладамі (гл. Уводу-вываду прылады). Асн. функцыі — прамы і адваротны перавод сігналаў працэсара ў гукі, сімвалы, дзеянні і інш., што ажыццяўляецца з дапамогай аперацый і праграмна-тэхн. сродкаў счытвання і перадачы даных са знешняга іх носьбіта ў асноўную памяць ЭВМ, а таксама адваротнага пераўтварэння інфармацыі пры вывадзе даных.

Працэс кіравання абменам інфармацыі са знешнімі прыладамі звычайна выконвае спецыялізаваны працэсар (кантролер уводу-вываду, ці перыферыйны кантролер), што вызваляе цэнтр. працэсар ад гэтых функцый. У залежнасці ад характару аб’екта кіравання (ці прызначэння) адрозніваюць інтэлектуальны кантролер (дадатковыя функцыі рэдагавання даных, іх кантроль, апрацоўка складаных каманд і інш.), відэакантролер (вывад відарыса з відэапамяці на экран манітора, фарміраванне сігналаў разгорткі і інш.), групавы кантролер (работа з групай аднатыпных механізмаў ці прылад) і інш. Часта кантролеры ўбудоўваюць у перыферыйныя прылады, напр., у клавіятуру, прынтэр.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў, вейхераўска-краташынская культура,

археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

Кераміка паморскай культуры.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)