род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 смдаўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПНУМ (Hypnum),
род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (H. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (H. pallescens) і гіпнум Ліндберга (H. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (H. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (H. fertile) і гіпнум расстаўлены (H. imponens).
Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.