ВО́ЛКАЎ Аляксандр Мяленцьевіч
(14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),
рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.
т. 4, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР Таіса Мікалаеўна
(н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)