парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.
Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІ́К
(Lycoperdon),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў парадку дажджавіковых. Каля 50 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі найб. вядомыя Д. жамчужны, або шыпаваты, ці сапраўдны (L. perlatum), Д. грушападобны (L. pyriforme), таксама адзначаны Д. маленькі (L. pusillum), Д. імшысты (L. muscorum), Д. вожыкападобна-калючы (L. echinatum). Ядомыя ў маладым узросце.
Пладовыя целы шара-, груша-, галоўчатападобныя, сядзячыя або з несапраўднай ножкай, з белымі ніткамі міцэлію каля асновы, дыям. 1—20 см. Абалонка (перыдый) 2-слаёвая. Вонкавы слой шыпаваты, ігольчасты, дробнабародаўчаты, лёгка ападае, унутраны — буры, падобны на паперу. Глеба (мякаць) белая, мяккая, пры выспяванні бледна-аліўкавая, парашкаватая. Споры шарападобныя, гладкія або бародаўчатыя, часам з доўгімі прыдаткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ
(Lycoperdales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. Каля 270 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 20 відаў з родаў галавач, дажджавік, зорачнік, міцэнаструм, лангерманія, порхаўка. Глебавыя сапратрофы. Растуць на лугах, пашах, у лясах. Некат. ядомыя ў маладым узросце. У Д. пладовыя целы ўнутры жоўтыя і бурыя ў адрозненне ад неядомых псеўдадажджавікоў, у якіх з узростам яны робяцца чорнымі або фіялетавымі.
Пладовыя целы наземныя, сядзячыя або з ножкай, шара-, груша-, зоркападобныя і інш.Перыдый (абалонка) 1—4-слаёвы, пераважна мяккі з 1 ці некалькімі адтулінамі ў стадыі спеласці, з узростам разрываецца. Глеба (мякаць) мяккая, з камер і пласцін трамы, потым парашкападобная, з капіліцыем (ніткі для разрыхлення спор). Споры шарападобныя, сеткаватыя або шыпаватыя, цёмныя.