ПРЫЯРЫТЭ́Т (ням. Priorität ад лац. prior першы, старшы),
1) першынство ў часе ажыццяўлення якой-н. дзейнасці.
2) Неабходная ўмова выдачы патэнта на вынаходства, для прызнання навук, тэхн. дасягнення адкрыццём.
3) Пераважнае значэнне якога-н. нарматыўнага акта, закону. Напр., Беларусь прызнае П. агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім нац. заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁХІН Аляксандр Аляксандравіч (1.11.1892, Масква — 24.3.1946),
рускі шахматыст, чэмпіён свету ў 1927—35 і 1937—46. Упершыню заваяваў тытул чэмпіёна ў матчы з Х.Р.Капабланкам, у другі раз — з М.Эйве, якому з 1935 на 2 гады ўступіў першынство. Пераможца буйных міжнар. турніраў, непераўзыдзены майстар гульні «ўсляпую». Аўтар прац па шахматнай тэорыі. У 1921 эмігрыраваў з Расіі, жыў у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВАРЫ́Т (італьян. favorito ад лац. favor прыхільнасць),
1) любімец важнай і ўплывовай асобы, які карыстаецца рознымі прывілеямі і пэўным чынам уздзейнічае на погляды і паводзіны свайго заступніка; таксама чый-н. любімец, якому аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за інш. 2) У спорце — той, хто мае найб. шанц на першынство (першапачаткова — конь, коннік або каманда ў скачках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЭНЭ́Ч (Comāneci) Надзя (н. 12.11.1961),
румынская спартсменка (спарт. гімнастыка). Чэмпіёнка XXI Алімп. гульняў (асабістае першынство, практыкаванні на паралельных брусах, бервяне), сярэбраны і бронз. прызёр (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіёнка свету (1978, 1979); чэмпіёнка Еўропы ў асабістым першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на паралельных брусах і бервяне, сярэбраны прызёр у вольных практыкаваннях (1975), у асабістым першынстве, практыкаваннях на паралельных брусах, сярэбраны прызёр у апорным скачку (1977), у асабістым першынстве (1979). З 1989 пастаянна жыве ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБЕ́К Султан Мухамед (? — 1342),
хан Залатой Арды з 1313. Умацаваў ханскую ўладу, увёў іслам як дзярж. рэлігію і праследаваў іншаверцаў. Каб аслабіць падначаленую яму Русь, распальваў варожасць паміж князямі. Асудзіў на смерць цвярскіх (і б.вял. уладзімірскіх) князёў Міхаіла Яраславіча (1318), Дзмітрыя (1325) і Аляксандра (1339) Міхайлавічаў, у 1327 жорстка задушыў антыардынскае паўстанне ў Цверы, якая з таго часу ўжо не магла на роўных змагацца з Масквой за першынство на Русі. Ад яго імя паходзіць этнонім узбекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУХО́ЎСКІ (Gołuchowski) Юзаф (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв.нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭМПІЯНА́Т,
афіцыйныя спарт. спаборніцтвы вышэйшага ўзроўню ў якім-н. відзе спорту для пэўных калектываў, тэрыторыі (раёна, горада, вобласці, краіны, кантынента, свету); розыгрыш першынства з мэтай вызначэння пераможцы — чэмпіёна (спартсмена або каманды). Паводле структуры адрозніваюць Ч. камандныя, асабістыя і асабіста-камандныя. У асобных выпадках паняцці «Ч.» і «першынство» адрозніваюцца (напр., Ч. па футболе, хакеі — сярод дарослых, а пяршынствы краіны — сярод юніёраў, спарт. клубаў). Адкрыты Ч. — афіц.спарт. спаборніцтвы з мэтай вызначэння чэмпіёна са свабодным допускам ці запрашэннем спартсменаў інш. прыналежнасці (інш. клуба, краіны). Тэрмін «Ч.» ужываюць таксама ў адносінах да выставак-спаборніцтваў жывёл (напр., коней, сабак і інш.) з мэтай выяўлення лепшых у якой-н. пародзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІЯ́ДА [грэч. Olympias (Olumpiados)],
1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).
2) Тое, што Алімпійскія гульні.
3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).
4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.
5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл.першынство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НІС НАСТО́ЛЬНЫ, пінг-понг,
спартыўная гульня з мячом на стале. Памеры пляцоўкі для гульні на афіц. спаборніцтвах 7×14 м. Спаборніцтвы (асабістыя і камандныя) праводзяцца адзіночныя і парныя (для мужчын, жанчын і змешаных пар). Сустрэчы складаюцца з 5—7 партый. Інвентар: стол (274×152,5 см, выш. 76 см, звычайна-цёмна-зялёнага або цёмна-сіняга колеру), сетка (183×15,25 см), ракеткі (форма адвольная з наклеенымі гумавымі пласцінамі цёмнага колеру), пластмасавы мяч (маса 2,7 г, дыяметр 40 мм).
Гульня блізкая да сучаснага Т.н. ўзнікла, верагодна, у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.; з 1920-х г. стала пашыранай у многіх краінах. Міжнар. федэрацыя Т.н. засн. ў 1926. Еўрап. саюз Т.н. існуе з 1957. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1926 (з 1957 па няцотных гадах асабістае першынство, па цотных — каманднае), Еўропы — з 1958 (па цотных). Найб. развіты Т.н. ў Германіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Швецыі, Францыі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. 1-я секцыя створана ў 1927 (г. Віцебск). Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1953. Федэрацыя Т.н. існуе з 1959. Створаны Рэсп.Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь. Мужчынская каманда спарт. клуба «Трактар» — сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1980). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: У.Зленка (чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, 1968), І.Мінкевіч (чэмпіён Еўропы, 1978), Т.Кастраміна (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), В.Паўловіч (прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), У.Самсонаў (прызёр чэмпіянатаў свету, 1995, 1997, 1999), Я.Шчацінін (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, 1998) і інш.