СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),

1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).

2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.​Галавач).

Літ.:

Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВА ў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).

Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН Іван Якаўлевіч (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),

рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.​Я.​Рэпіна — у школе-майстэрні М.​К.​Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.​С.​Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.​Ю.​Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.

Літ.:

Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.​Я.​Билибина по материалам собр. Е.​П.​Климова. М., 1981.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПКО́ Эдуард Пятровіч (13.6.1903, г. Ліепая, Латвія — 28.10.1977),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). У 1922—59 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, дзе сфарміраваўся як акцёр пад кіраўніцтвам Е.Міровіча. Характарны і камед. акцёр. Яго мастацтва вылучалася сакавітасцю сцэн. фарбаў, дэталёвай распрацоўкай паводзін і знешняга аблічча персанажа, дакладнасцю сац. характарыстык вобразаў. Сярод лепшых роляў: Шмігельскі, Праменны («Партызаны», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Прыстаў («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Лейтэнант («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Кругляш («Гута» Р.​Кобеца), Дароднаў, Лыняеў, Мілаўзораў, Барабошаў («Позняе каханне», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мантэкі («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Настаўнік філасофіі, Жак («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), фон Кальб («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Пера Каленіч («Пані міністэрша» Б.​Нушыча), Вернер («Рускія людзі» К.​Сіманава), Рэдзька («У стэпах Украіны» А.​Карнейчука) і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)