ГАРЫБА́ЛЬДЗІ БАТАЛЬЁН (батальён «Джузэпе Гарыбальдзі»),

падраздзяленне 12-й інтэрнац. брыгады, якое ваявала на баку ісп. рэспубліканцаў у час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39. Сфарміраваны ў кастр. 1936 з 520 італьян. добраахвотнікаў. Удзельнічаў у абароне Мадрыда, баях на р. Харама і каля г. Гвадалахара. У крас. 1937 перафарміраваны ў Інтэрнац. брыгаду імя Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ЎЧА́СТАК АТРА́ДАЎ ЗАСЛО́НЫ,

аб’яднанне атрадаў Чырв. Арміі з мэтай абароны Сав. Рэспублікі на зах. напрамку ад магчымага наступлення герм. войск у 1918. Створаны 29.3.1918 на аснове дырэктывы Вышэйшага савета абароны Рэспублікі. Уключаў атрады: Аршанскі, Бранскі, Віцебскі, Курскі, Невельска-Вялікалуцкі, Рослаўскі, Смаленскі. Участак узначальваўся Ваен. саветам — ваен. кіраўнік У.​М.​Ягор’еў і 2 (з 29 жн. 3) ваен. камісары. 11.9.1918 перафарміраваны ў Заходні раён абароны 1918.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІ́ЗІЯ,

асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш. вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.

У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)