насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),
перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),
насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.
Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК ЗВЫЧА́ЙНЫ (Erinaceus europaeus),
млекакормячая жывёла сям. вожыкавых атр. насякомаедных. Пашыраны ў Еўропе, Азіі. Жыве ў лясах, лесастэпах, стэпах, на высечках, у пасевах с.-г. культур, на агародах, у садах, поймах рэк. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 20—31 см, маса 700—800 г. Спіна і бакі цела ўкрыты калючкамі, знізу — шорсткай поўсцю. Канечнасці пяціпальцыя, кіпцюры моцныя і доўгія. У прыплодзе да 10 дзіцянят, якія кормяцца малаком маці. Дарослыя кормяцца насякомымі (пераважна жукамі), чарвямі, жабамі, птушанятамі і яйцамі птушак, яшчаркамі, дробнымі грызунамі, радзей ягадамі. Малаадчувальны да ядаў, у т. л. да змяінага. Упадае ў спячку. Пры небяспецы згортваецца ў клубок. Пераносчык узбуджальнікаў небяспечных хвароб. Добра пераносіць няволю. Увесну шмат гіне на аўтадарогах.
нуклеатыд, які змяшчае адэнін, рыбозу і 3 астаткі фосфарнай к-ты. Універсальны пераносчык і асн. акумулятар хім. энергіі ў жывых клетках, іх гал.макраэргічнае злучэнне, на ўзроўні якога спалучаюцца ў адзіную сістэму працэсы абмену энергіі, яе выдзялення, назапашвання і спажывання. Служыць таксама субстратам для сінтэзу РНК, выконвае важныя функцыі ў працэсах фотасінтэзу.
У мышачнай і інш. тканках на долю адэназінтрыфосфарнай кіслаты прыпадае каля 75% колькасці ўсіх адэназінфосфарных кіслот, пры гэтым большая частка свабоднай АТФ знаходзіцца ў комплексе з іонамі Mg2+. Гідралітычнае адшчапленне астаткаў фосфарнай к-ты ад малекулы АТФ адбываецца пры ўдзеле адэназінтрыфасфатазаў з вылучэннем энергіі (каля 8,4 ккал/моль), якая выкарыстоўваецца на энергет. забеспячэнне біясінтэзу розных рэчываў, актыўны транспарт іонаў, мышачныя скарачэнні і інш працэсы жыццядзейнасці. Сінтэзуецца АТФ з адэназіндыфасфату і неарган. фасфату (крыніцай для ўтварэння могуць быць таксама інш. багатыя энергіяй фасфаты клетак, напр.крэацінфасфат.) Поўнае і хуткае аднаўленне патрачанай у арганізме АТФ забяспечваецца расшчапленнем вугляводаў і інш. рэчываў.