ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,

апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,

помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.

Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).

Амеядаў мячэць. Унутраны двор.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)