ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ, Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.),
правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ЗАТО́ЧНЫХ СТАНКО́Ў, «Візас». Засн. ў 1944 у Віцебску на базе Клінскага чыгуналіцейнага з-да (Маскоўская вобл.), які ў 1941 быў эвакуіраваны ў г. Беларэцк (Башкірыя), а ў снеж. 1944 перавезены ў Віцебск. З 1945 з-д заточных станкоў, з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас». Асн. прадукцыя (1996): станкі заточныя для металарэзнага інструменту, металарэзныя, для апрацоўкі оптыкі акуляраў, дрэваапрацоўчыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯКАМПА́НІЯ,
авіятранспартнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе міжнар. і ўнутр. паветраныя зносіны. У 1993 у краінах свету было 660 авіякампаній па перавозцы пасажыраў (перавезены 1171 млн.чал.) і 60 па перавозцы грузаў (перавезена каля 18 млн.т). Сярод авіякампаній найбольшыя: «Юнайтэд», «Амерыкан», «Дэльта», «Нортуэст» (усе ЗША), «Брытыш эруэйз» (Вялікабрытанія), «Люфтганза» (Германія), ДЖАЛ (Японія), «Эр Франс» (Францыя), «Аэрафлот» (Расія). Найб. авіякампанія ў паветраным транспарце Рэспублікі Беларусь «Белавія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКІ́НСКІЯ КАМІСА́РЫ,
26 дзеячаў Бакінскай камуны. Сярод іх старшыня Бакінскага СНК С.Г.Шаўмян, наркомы М.А.Азізбекаў, П.А.Джапарыдзе, І.Ц.Фіялетаў, Р.Н.Карганаў, Я.Д.Зевін, М.Г.Везіраў, інш.парт., сав. і ваен. работнікі камуны, у т. л. М.В.Басін. Бакінскія камісары арыштаваны ўрадам дыктатуры Цэнтракаспія, расстраляны эсэрамі і англ. інтэрвентамі 20.9.1918 у Закаспіі. Праз 2 гады іх астанкі перавезены ў Баку і пахаваны на плошчы, дзе створаны пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.М.Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ МЕ́ДЫКА-ХІРУРГІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Вільні ў 1832—42. Створана на базе мед. ф-та Віленскага універсітэта, які быў закрыты ў 1831. Выкладанне вялося на лац., рус. і польск. мовах. Прафесары акадэміі: А.Абіхт, А.Адамовіч, С.Горскі, Ф.Джавінскі, Ю.Каранеўскі, І.Лабойка, К.Парцянка, І.Якавіцкі і інш. Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—38 тут існавала тайная арг-цыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі (у 1842 яна закрыта распараджэннем Мікалая I). Б-ка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ун-т, дзе на іх базе створаны мед.ф-т. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навук. і пед. традыцыі, закладзеныя Віленскім ун-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС (Jones) Джон Пол (6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),
ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас.ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ (ЦАМА РФ) у г. Падольск, установа Мін-ва абароны Рас. Федэрацыі, якая ажыццяўляе прыём, захаванне і навук.-тэхн. апрацоўку дакументальных матэрыялаў Сав. і Рас. армій з 1941. Створаны ў 1936 у Маскве як Аддзел архіваў пры Упраўленні справамі Наркама абароны СССР (у 1946 перавезены ў г. Падольск Маскоўскай вобл., у 1992 створаны філіял у г. Пугачоў Саратаўскай вобл.); з 1947 Архіў Мін-ва абароны ўзбр. сіл СССР, з 1975 Цэнтр. архіў Мін-ва абароны СССР, з ліп. 1992 сучасная назва. Каля 17,8 млн. адзінак захавання, каля 109 тыс. фондаў (2000). Захоўвае дакументы Сав. Арміі і ўстаноў Мін-ва абароны СССР — Рас. Федэрацыі з пач.Вял.Айч. вайны, у т. л. дакументы часцей і злучэнняў, што прымалі ўдзел у баявых дзеяннях і дыслацыраваліся на тэр. Беларусі ў 1941—91. Пры архіве дзейнічаюць экспертна-праверачная і метадычная камісіі. Архіў удзельнічае ў распрацоўцы пытанняў ваен. архіўнага справаводства і архіваграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб. поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.Л.Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.
Літ.:
Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784; Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;
Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.