СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),
1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).
2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.Галавач).
Літ.:
Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВА ў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).
Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІ́БІН (Іван Якаўлевіч) (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),
рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.Я.Рэпіна — у школе-майстэрні М.К.Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.С.Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.Ю.Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.
Літ.:
Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.Я.Билибина по материалам собр. Е.П.Климова. М., 1981.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)