КЫ́НЕВА (Пенка Асенава) (н. 15.9.1942, с. Дзімча Велікатырнаўскай акр., Балгарыя),
балгарская перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ун-т (1965). На балг. мову пераклала творы І.Мележа «Подых навальніцы» (1974), В.Быкава «Яго батальён» (1977) і «Пайсці і не вярнуцца» (1980), К.Чорнага «Млечны шлях», У.Караткевіча «Лісце каштанаў» (абодва 1978), «Чорны замак Альшанскі» (1983), апавяданне «Залаты бог» для яго аднатомніка «Паром на бурнай рацэ» (1982), І.Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах», Б.Сачанкі «Аксана» (абодва 1978), В.Казько «Высакосны год» і «Цвіце на Палессі груша» (1980), апавяданні Я.Брыля і А.Марціновіча для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981), М.Стральцова, Чорнага і інш., кн. А.Адамовіча, Брыля і У.Калесніка «Я — з вогненнай вёскі...» (1980).
т. 9, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.П.Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.С.Берга (паводле характару геагр. ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.П.Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).
П.А.Каўрыга.
т. 8, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
Літ.:
Левков Э.А.Гляциотектоника. Мн., 1980.
А.К.Карабанаў.
т. 5, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)