РАЗБУРЭ́ННЕ матэрыялаў, кінетычны працэс дэградацыі (пашкоджання) матэрыялаў, які працякае пад уздзеяннем нагрузкі і завяршаецца раздзяленнем аб’екта на часткі. Бывае Р. крохкае і вязкае (пры статычным нагружанні), стомленаснае (пры паўторна-пераменным — цыклічным нагружанні).

Крохкае Р. пры статычным расцяжэнні звычайна суправаджаецца вельмі малымі (раўнамернымі) пластычнымі дэфармацыямі, узнікае раптоўна і развіваецца практычна імгненна (звычайна шляхам адрыву). Вязкаму Р. пры статычным расцяжэнні папярэднічае вял. пластычная дэфармацыя, напр., у мяккай сталі на ўзоры ўтвараецца шыйка. Стомленаснае Р. метал. матэрыялаў пры паўторна-пераменным (цыклічным, выпадковым) нагружанні працяглы час развіваецца без прыкметнай макрапластычнай дэфармацыі і звычайна заканчваецца імгненным даломліваннем узору. Працякае шляхам развіцця стомленаснай шчыліны ў яго небяспечным сячэнні.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭРАКАЛАМІ́Т (Asterocalamites),

дрэвападобная расліна, якая адносіцца да членістасцябловых з позняга дэвону, ранняга карбону. Вонкавая паверхня сцябла мае падоўжныя рэбры, якія прадаўжаюцца ў сумежных міжвузеллях. Лісце ў кальчаках, якія паўторна разгаліноўваюцца, генератыўныя органы ў выглядзе рыхлых шмат’ярусных стробілаў.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ЖКА ў анатоміі,

трэці аддзел шматкамернага страўніка жвачных жывёл (адсутнічае ў аляньковых і вярблюдаў). Злучае сетку з сычугом. Унутры К. слізістая абалонка ўтварае падоўжаныя рухомыя складкі — лісточкі, падобныя да лістоў кнігі (адсюль назва). У К. корм, паўторна праглынуты пасля жвачкі, канчаткова пераціраецца паміж лісточкамі, ператвараецца ў кашку і паступае ў сычуг.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЛЯ́РСТВА,

завалоданне чужой маёмасцю ці набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжывання даверам; у бел. крымінальным праве адно са злачынстваў супраць уласнасці. Кваліфікаваным з’яўляецца М., учыненае паўторна, па папярэдняй змове групай асоб, а таксама ўчыненае ў асабліва буйных памерах, асабліва небяспечным рэцыдывістам, якое нанесла асабліва вял. страты. Караецца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі і канфіскацыяй маёмасці.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛ (паводле інш. крыніц, Ніскін, Ніскіня — маларослы чалавек; ? — 946),

князь драўлян у 1-й пал. 10 ст. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», узначаліў паўстанне жыхароў г. Іскорасцень супраць спробы вял. кіеўскага князя Ігара паўторна сабраць даніну, у час якога Ігара забілі (945). Драўляне няўдала спрабавалі ажаніць М. з удавой Ігара кн. Вольгай. У 946 войска Вольгі захапіла Іскорасцень, М. паводле яе загаду пакараны смерцю.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ННЕ ТКАНІ́Н,

нанясенне на тканіны ўзорыстых адна- або шматфарбавых малюнкаў. Робіцца цыліндрычнымі друкарскімі машынамі, сеткаватымі шаблонамі, спосабам аэраграфіі (распыленне сціснутым паветрам) і ўручную.

Перад друкаваннем тканіну прамываюць, адварваюць, адбельваюць, хларыруюць і інш. Пасля нанясення фарбы яе сушаць і апрацоўваюць у вільготным асяроддзі пры высокай т-ры, паўторна прамываюць. Для Д.т. выкарыстоўваюць актыўныя, кубавыя, кіслотныя, дысперсныя і інш. фарбавальнікі, а таксама розныя згушчальнікі фарбаў. Ручным або аэраграфічным спосабамі друкуюць паштучныя або індывідуальныя высокамаст. вырабы, друкарскімі машынамі і сеткаватымі шаблонамі — тканіны масавага асартыменту.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБО́Й,

адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.​Э.​Корэнса і аўстр. генетыка Э.​Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1932.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БАТ, Кабота (Cabot, Caboto),

італьянскія мараплаўцы, бацька і сын. Джон (Джавані) (паміж 1450—55, г Генуя — 1499?), з 1490 быў на англ. службе. У 1497 у пошуках зах. марскога шляху ў Кітай дасягнуў в-ва Ньюфаўндленд (адкрыў, магчыма паўторна, Вял. Ньюфаўндлендскую банку). У 1498 дасягнуў берагоў Паўн. Амерыкі і прасачыў значную ч. ўсх. узбярэжжа. Себасцьян (каля 1475, г. Венецыя — 1557), сын Джона. удзельнік экспедыцый бацькі ў 1497 і 1498. У 1526—30 на ісп. службе. На чале ісп. флатыліі даследаваў заліў Атлантычнага ак. Ла-Плата, ніжняе цячэнне р. Парана, адкрыў ніжняе цячэнне р. Парагвай.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)