Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
міжгорная раўніна на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, паміж Пірэнеямі, Іберыйскімі і Каталонскімі гарамі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 120 км. Паверхня — узгорыстая раўніна выш. да 250 м, паблізу гор да 500—700 м. З ПнЗ на ПдУ па Аравійскай раўніне цячэ р. Эбра. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 24 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Пераважае сухі стэп (расліннасць тыпу гарыга), месцамі паўпустыня. Даліна р. Эбра шчыльна заселена. На Аравійскай раўніне — г. Сарагоса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́
(Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА
(Angola),
Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт·гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;