(Kruczkowski) Леан (28.6.1900, г. Кракаў, Польшча — 1.8.1962), польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў Вышэйшую прамысл. школу ў Кракаве (1918). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры ваеннапалонных у Германіі. Ў 1945—48 нам. міністра культуры і мастацтва ПНР. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. У першым зб. вершаў «Молаты над светам» (1928) адлюстраваў крах ідэалаў маладога пакалення Польшчы. У рэаліст.гіст. рамане «Кардыян і хам» (1932) асэнсоўвае ролю шляхты ў паўстанні 1830—31. Раман «Паўлінава пер’е» (1935) пра галіцыйскую вёску напярэдні 1-й сусв. вайны. Раман «Цянёты» (1937), п’еса «Немцы» (паст. 1949; Дзярж. прэмія Польшчы 1950) антыфаш. накіраванасці. У п’есах «Помста» (1948), «Юльюш і Этэль» (1954), «Наведванне» (1955), «Першы дзень свабоды» (1960), «Смерць губернатара» (1961) філас.-псіхал. і маральная праблематыка. У зб.апавяд. «Эскізы з пекла праўдзівых людзей» (1963) гістарызм спалучаны з маральнымі аспектамі. Аўтар публіцыстычных кніг «У атмасферы дыктатуры» (1938), «Сустрэчы і супастаўленні» (1950), «Сярод сваіх і чужых» (1954) і інш.Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1955. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Брыль, П.Пестрак, Я.Міско.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛІ́, лускакрылыя (Lepidoptera),
атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля 2/з з сям.агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.
Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.