ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл. Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.

П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.

Літ.:

Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;

Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;

Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.

І.​І.​Леановіч.

Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі, які вывучае паўзучасць матэрыялаў. Блізкая да пластычнасці тэорыі і рэалогіі.

У сувязі з разнастайнасцю мех. уласцівасцей цвёрдых цел паўзучасць розных матэрыялаў трактуецца з розных пазіцый. Для металаў пераважна карыстаюцца тэорыяй цячэння (апісвае паўзучасць пры напружаннях, якія зменьваюцца павольна і манатонна), і тэорыяй умацавання (прыдатныя для прыблізнага аналізу кароткачасовай паўзучасці пры высокім узроўні напружанняў); для палімераў — тэорыяй спадчыннасці (вызначае поўную дэфармацыю і апісвае некаторыя складаныя з’явы, напр., эфект зваротнай паўзучасці).

Літ.:

Ржаницын АР. Теория ползучести. М., 1968;

Арутюнян Н.Х., Колмановский В.Б. Теория ползучести неоднородных тел. М., 1983.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІМЕРБЕТО́Н,

бетон, у якім вяжучым рэчывам служаць сінт. палімеры (поліэфірныя, эпаксідныя, фенолафармальдэгідныя і інш. смолы, некат. тэрмапласты). Вызначаецца высокай трываласцю, зносаўстойлівасцю, воданепранікальнасцю, хім. устойлівасцю. Дэфармуецца пад нагрузкай (мае паўзучасць). Выкарыстоўваецца для пакрыцця дарог, мастоў, аэрадромаў, падлог у вытв. памяшканнях, вырабу цюбінгаў, абліцоўкі прамысл. будынкаў і інш.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,

від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.

Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл. Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.

І.​І.​Леановіч.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,

поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.

У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙10​4, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).

Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз. мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз. ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз. мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл. Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.

Літ.:

Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.

В.​К.​Грыбоўскі.

Да арт. Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)