ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,

рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст. наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДСКАЯ ДЭПРЭ́СІЯ,

ісландскі цыклон, ісландскі мін і м у м, вобласць нізкага атм. ціску над паўн. ч. Атлантычнага ак., з цэнтрам каля в-ва Ісландыя. Адзін з важнейшых цэнтраў дзейнасці атмасферы ў Паўн. паўшар’і з перавагай глыбокіх і ўстойлівых цыклонаў над антыцыклонамі, праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск ніжэй за 996 мб). Акрамя асн. цэнтра, зімой праяўляюцца другарадныя цэнтры на З ад в-ва Грэнландыя і над Баранцавым м. Садзейнічае фарміраванню акіянічнага клімату ў Зах. Еўропе. На надвор’е Беларусі ўплываюць перыферыйныя ч. І.д., якія прыносяць з сабой вільготнае ўмеранае паветра Атлантыкі і выклікаюць пацяпленне.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́РСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, валдайскае зледзяненне, вістуліянскае зледзяненне,

апошняе зледзяненне на тэр. Беларусі ў плейстацэне. Доўжылася па розных ацэнках 105 ці 85 тыс. гадоў ад муравінскага міжледавікоўя да галацэну. Было самым халодным сярод плейстацэнавых зледзяненняў. Складалася з трох этапаў — анагляцыялу (раннеледавікоўя), пленігляцыялу (сярэдне- ці ўласна ледавікоўя) і катагляцыялу (позналедавікоўя). На працягу анагляцыялу адбывалася паступовая (з «цёплымі» інтэрстадыяльнымі перапынкамі) змена міжледавіковага клімату на перыгляцыяльны. Пленігляцыял, у якім панавала шматгадовая мерзлата і інш. крыягенныя з’явы, завяршыўся пашырэннем на тэр. Беларусі мацерыковага ледавіка (да паўд. мяжы Беларускага Паазер’я). Ледавік пакінуў пасля сябе свежы марэнны рэльеф і тоўшчу адкладаў сярэдняй магутнасцю каля 15 м. У катагляцыяле паскорана-рытмічнае пацяпленне прывяло да канчатковага знікнення пахаванага (мёртвага) лёду, шматгадовай мерзлаты і інш. прыкмет зледзянення. З адкладамі П.з. звязаны многія радовішчы жвіру, пяску, гліны.

А.​Ф.​Санько.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)