Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРСІС (ад грэч. katharsis ачышчэнне),
1) тэрмін стараж.-грэч. філасофіі і эстэтыкі для абазначэння сутнасці эстэт. перажыванняў. Бярэ пачатак ад стараж. піфагарэізму, які рэкамендаваў музыку для ачышчэння душы. Арыстоцель у «Паэтыцы» вызначаў трагедыю як ачышчэнне духа пры дапамозе страху і спачування, узвышанага задавальнення і прасвятлення гледача, які перажывае пакуты разам з героем трагедыі і вызваляецца ад іх.
2) У псіхааналізе К. — адзін з метадаў псіхатэрапіі, з дапамогай якога пацыент пазбаўляецца ад беспадстаўнага страху і неадчэпных ідэй.
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)