Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯІДО́З (ад грэч. mēlis сап + eidos від),
сап несапраўдны, хвароба Стэнтана, вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека з утварэннем абсцэсаў у тканках і органах. У чалавека бывае рэдка. Узбуджальнік — грамадмоўная палачка псеўдамонас, носьбіты ўзбуджальніка — грызуны (пацукі, мышы), таксама свойскія жывёлы. Заражэнне адбываецца аліментарна, аэрагенна, праз скуру. Часцей хварэюць пацукі, мышы, радзей каты, сабакі, трусы, авечкі, коні, свінні. Пры ўзнікненні М. хворых жывёл ізалююць і прымаюць меры, каб не адбылося заражэння людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),
заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАТУБЕРКУЛЁЗ (ад псеўда... + туберкулёз),
інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Крыніца ўзбуджальніка П. — грызуны (мышы, пацукі, зайцы), узбуджальнік — бактэрыі. Людзі заражаюцца пры спажыванні садавіны і гародніны, забруджанай фекаліямі і мачой грызуноў, жывёлы — пры паяданні інфіцыраваных кармоў. Клінічныя праявы: лімфадэніт, пашкоджанні страўніка і інш. П. характарызуецца зімова-веснавой сезоннасцю. Лячэнне людзей тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВУА́РНЫЯ ГАСПАДАРЫ́паразітаў,
арганізмы, у якіх паразіт жыве і назапашваецца ў лічынкавым стане; неабавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У арганізме Р.г. лічынкі могуць захоўвацца некалькі гадоў і заставацца здольнымі заражаць канчатковых гаспадароў. Р.г. найб. характэрны для гельмінтаў. Напр., у нематоды фізацэфалус бескалатус (яе канчатковыя гаспадары свінні, прамежкавыя гаспадары — жукі-капрафагі) Р.г. — пацукі, мышы, жабы, паўзуны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА, алкагольны дэлірый,
найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́БЕС ((Delibes) Мігель) (н. 17.10.1920, г. Вальядалід, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. Акад. (з 1975). Іспанскай рэчаіснасці 1940-х г. прысвечаны раманы «Кіпарыс кідае доўгі цень» (1947), «Пакуль яшчэ дзень» (1949). У сац.-псіхал. творах адлюстраваў трагічны лёс асобы ў свеце сучаснай цывілізацыі. Гораду Д. проціпастаўляе прыроду і поўнае цяжкасцей сялянскае жыццё, якое, на думку пісьменніка, з’яўляецца апорай чалавечнасці: аповесць «Дарога» (1950), раманы «Пацукі» (1962), «Пяць гадзін з Марыо» (1966), «Войны нашых бацькоў» (1975) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сіеста пры паўднёвым ветры» (1957), дарожных нарысаў «Раманіст адкрывае Амерыку» (1956) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІНІ́ЗМ (ад лац. albus белы),
прыроджаная адсутнасць нармальнай для арганізма пігментнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасці пігментацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй у жывёл і чалавека, у вышэйшых раслін — зялёнай афарбоўкі ўсёй расліны або яе частак. Арганізмы з прыкметамі альбінізму наз.альбіносамі. Альбінізм замацоўваецца ў спадчыну рэцэсіўным генам, які блакіруе ў гомазіготным стане сінтэз пігментаў (меланіну, хларафілу). У чалавека і жывёл частата ўзнікнення альбінізму — 1:20 000—40 000. Альбінізм трапляецца зрэдку сярод дзікіх жывёл, часцей сярод свойскіх і паддоследных (трусы, лабараторныя пацукі, мышы). Пашыраная форма альбінізму ў раслін — стракаталістасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЫ́НСКІ (Вячаслаў Адамавіч) (н. 14.10.1950, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Афіц. прадстаўнік Еўрап.АМ у Варшаве (з 1993). Раннім творам уласцівы лірызм і паэтычнасць («Любімая зямля», 1978, «Жураўліная журба», 1983, і інш.). У 1986—96 працаваў за мяжой (Польшча, Германія, Італія). Для твораў гэтага перыяду характэрна складанае спалучэнне рэаліст. і фармальна-абстрактных форм, канцэптуальнасць — цыклы: «XX стагоддзе», «Аварыя» (абодва 1988), «Пацукі» (1988—89), «Фарысеі» (1989), «Грэшнікі» (1989—90), «Святыя» (1990), «Мой сябра Феліні» (1992—93), «Лэдзі», «Ню» (абодва 1990—95), «Архідэі» (1995).
В.Захарынскі. Ефрасіння Полацкая. З цыкла «Святыя». 1990.