БАШЫНДЖАГЯ́Н (Геворк Захаравіч) (28.9.1857, г. Сігнахі, Грузія — 4.10.1925),

армянскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—83) у М.К.Клота.Зазнаў уплыў А.І.Куінджы. Працаваў у Тыфлісе. Лепшыя пейзажы прасякнуты эпічным адчуваннем прыроды, па-майстэрску перадаюць эфекты асвятлення («Бярозавы гай», 1883, «Севан у пахмурны дзень» (1897), «Возера Севан у летні дзень», 1903, «Арарат», 1912, «Севан у месячную ноч», 1914).

Г.Башынджагян. Севан у пахмурны дзень. 1897.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА (Леанід Максімавіч) (1.4. 1941, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.9.1996),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Творы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, пластычнасцю малюнка, дасканаласцю тэматычнага абагульнення. Аўтар серый літаграфій «Жанчыны Палесся» (1974), «Новабудоўлі Беларусі» (1975), афортаў «Лета ў Залацінцы. БАМ» (1976), «Мой край азёрны» (1977), «Мінск» (1978—79), «Зямля і людзі» (1980), «Палярны круг» (1981), «Па Туркменіі» (1987), «Край нарачанскі» (1989—90), «Вёска Манькавічы» (1991), «Мая Беларусь» (1995). Працаваў у акварэлі: «Нарач. Вечар» (1991), «Вясна. Дождж», «Пахмурны дзень» (абедзве 1992), «Цішыня», «Бэз», «Першы снег», «Вясна» (усе 1993), «Туман», «Манькавічы», «Бабіна лета» (усе 1994). Акварэлям уласцівы багацце паўтонавых суадносін, каларыстычная ўраўнаважанасць.

Літ.:

Леанід Марчанка: [Альбом]. Мн., 1997.

Н.​П.​Марчанка.

Л.Марчанка. Бабіна лета. 1994.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й В.К.БЯЛЫ́НІЦКАГА-БІРУЛІ,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м². У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.​Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.​Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.​Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.​Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Карачун Ю.А. Музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.

І.​Л.​Чэбан.

Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.
Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)