ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),
расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.Глінкі. Сярод яго вучняў: С.Барцэвіч, Д.Крэйн, Л.Любошыц, А.Магілеўскі, А.Печнікаў, М.Прэс, М.Эрдэнка.
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл. Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)