Патрыярх 4/316

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯ́РХ (ад грэч. patriarches пачынальнік роду),

вышэйшы епіскапскі тытул у правасл. царкве, кіраўнік памеснай правасл. царквы. У Стараж. Іудзеі П. наз. старшыню сінедрыёна — вышэйшага калегіяльнага органа ўлады. У хрысц. царкве з 4 ст. П. — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі). З канца 6 ст. канстанцінопальскі П. атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў. Папа рымскі разглядаўся тады як П. зах. часткі Візантыі. Аднак рым. царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з 13 ст. ўвяла тытул П. для епіскапаў асобных стараж. епархій у падпарадкаванні папы. Тытул П. існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай у Егіпце, эфіопскай і інш. стараж. усх. цэрквах. Правасл. царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага П. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і бел. правасл. епархіі. У 1596 канстанцінопальскі П. накіраваў свайго экзарха Нікіфара на правасл. сабор у Брэсце, які выступіў супраць Брэсцкай уніі 1596. У 1620—86 адноўленая правасл. царк. арг-цыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага П., у 1686—1700 і з 1917 — П. маскоўскага і ўсяе Русі. Першы маскоўскі П. пастаўлены ў 1589 (у 1700—1917 П. не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 П.: Іоў (1589—1605); Ігнацій (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф I (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан(1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найб. паліт. магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь. У наш час П. ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Груз. (каталікос-П.), Сербскую, Балг., Рум. памесныя правасл. цэрквы.

Літ.:

Под Патриаршим омофором. М., 1989.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паісій (патрыярх) 11/502

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кулы (патрыярх. рабы) 5/218

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІРЭ́Й (ад архі... + грэч. hiereus святар),

агульная назва духоўных асоб вышэйшай ступені правасл. царк. іерархіі (епіскап, архіепіскап, мітрапаліт, патрыярх). Могуць быць епархіяльнымі (якія правяць) і вікарнымі (іх памочнікамі). Сінонім тэрміна «архірэй» — архіпастыр.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Л ЦЭ́РКВАЎ,

падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Асн. прычынай падзелу з’явілася саперніцтва паміж папамі Рыма і патрыярхамі Канстанцінопаля ў выніку Taro, што пасля падзелу Рымскай імперыі ў гэтых гарадах склаліся 2 рэліг. цэнтры, паміж якімі да 7 ст. выявіліся пэўныя адрозненні ў дагматыцы, арганізацыі і абрадах. Традыцыйна падзел датуецца 1054, калі паглыбленыя рознагалоссі прывялі да таго, што папа Леў IX і патрыярх Кіруларый абвясцілі адзін аднаму анафему. Завяршыўся П.д. пасля заваёвы ў 1204 Канстанцінопаля крыжакамі. Прыхільнікі П.ц. пасля расколу пачалі называць сваіх праціўнікаў з другой канфесіі хрысц. царквы схізматыкамі. У 1965 на 2-м Ватыканскім саборы папа Павел VI і канстанцінопальскі патрыярх Афінагор I вырашылі «аддаць забыццю» анафему 1054. Гэта рашэнне з’явілася вынікам сучаснага экуменічнага руху да аб’яднання хрысц. канфесій. Гл. таксама Каталіцызм, Праваслаўе, Хрысціянства.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАРЭ́Т (у свеце Раманаў Фёдар Мікітавіч; каля 1555—22.10.1633),

патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі (1608—10, 1619—33), бацька цара Міхаіла Фёдаравіча — першага з дынастыі Раманавых. Баярын (з 1587), прыбліжаны цара Фёдара Іванавіча [1584—98], якому даводзіўся стрыечным братам. Пасля яго смерці няўдала прэтэндаваў на царскі прастол, узначальваў апазіцыю да новага цара Барыса Гадунова, за што ў 1601 пастрыжаны ў манахі пад імем Ф. і сасланы на Поўнач. У 1605 Ілжэдзмітрый I вярнуў яго і прызначыў мітрапалітам растоўскім. У 1608 Ілжэдзмітрый II абвясціў Ф. патрыярхам у процівагу Гермагену. У 1610 удзельнічаў у звяржэнні цара Васіля Іванавіча Шуйскага, дзейнасці «Сямібаяршчыны», узначальваў «вял. пасольства» да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, каб зацвердзіць заключаны ў жн. 1610 у Маскве дагавор аб прызнанні рас. царом сына Жыгімонта Уладзіслава (гл. Уладзіслаў IV). За адмову санкцыянаваць канчатковыя ўмовы дагавора Ф. арыштаваны і да 1619 быў у палоне. Пасля вяртання ў Маскву зноў патрыярх і фактычны правіцель Расіі з тытулам «вял. гасудар».

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСІ́Й (Сіманскі Сяргей Уладзіміравіч; 9.11.1877, Масква — 17.4.1970),

патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў маскоўскія ун-т (1899) і духоўную акадэмію (1904). Быў рэктарам Тульскай і Наўгародскай духоўных семінарый. У сане епіскапа з 1913. У 1943—45 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1945 на памесным саборы ў Маскве абраны патрыярхам.

Аляксій.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАРЫЯ́НСТВА,

плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСІ́Й II (да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),

патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.

Г.​М.​Шэйкін.

Аляксій II на плошчы Перамогі ў Мінску. 1991.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)