АНДРЭ́ЕЎ Фёдар Андрэевіч

(1879, Вільня — 9.12.1952),

патафізіёлаг і клініцыст. Засл. дз. нав. РСФСР. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). Вучань рус. патолага А.Б.Фохта. Працаваў у мед. ін-тах Масквы, Свярдлоўска. У 1934—38 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це. У 1913 распрацаваў новы метад ажыўлення арганізма артэрыяльным нагнятаннем крыві. Навук. працы па вывучэнні ролі ЦНС у патагенезе захворванняў унутр. органаў, патафізіялогіі і фізіялогіі сэрца, лёгкіх, аліментарнай дыстрафіі, пра ролю канстытуцыі чалавека ў развіцці паталаг. працэсу.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,

дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр. вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)