ВАЛЕ́НТ (Флавій) (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ШЧАНЫЯ АСО́БЫ ў міжнародным праве,

асобы, якія прымусова вывезены ў перыяд 2-й сусв. вайны 1939—1945 фаш. Германіяй з акупіраваных ёю тэрыторый у інш. краіны для выкарыстання на розных работах. Праблема П.а. асабліва востра паўстала пасля вайны, калі ўзнікла пытанне пра вяртанне іх на радзіму. У час вайны СССР заключыў з шэрагам краін, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, пагадненне аб лёсе гэтых асоб (11.2.1945 з ЗША і Англіяй; 29.6.1945 з Францыяй). Ген. Асамблея ААН у рэзалюцыях ад 12.2.1946 і 15.12.1946 устанавіла, што дзяржавы — чл. ААН павінны садзейнічаць паскоранай рэпатрыяцыі П.а., якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Для спрыяння вырашэнню праблемы П.а. у 1946 створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў, якая скасавана ў сувязі са стварэннем у 1951 Упраўлення вярх. камісара па справах бежанцаў. У практыцы Упраўлення вярх. камісара ўжываецца тэрмін «П.а.» таксама да некаторых катэгорый «унутраных бежанцаў» — асоб, якія нядобраахвотна пакінулі якую-н. частку сваёй краіны і вымушаны пасяліцца ў інш. яе частцы.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІЧЫ́,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс. ж. (1998).

Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.​Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).

В.​Н.​Князева.

т. 8, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)