Пасынак 8/311, гл. Роднасць і сваяцтва

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СЫНАК,

няродны сын, сын ад папярэдняй жонкі ў адносінах да мачахі ці сын ад папярэдняга мужа ў адносінах да айчыма.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Няродны сын, гл. Пасынак

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫЛО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 2.2.1944, в. Забалацце Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» (1967—69). Друкуецца з 1963. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Сонца садзіцца ў травы» (1978), «Два дні ў лютым»(1981), «Асенні гром» (1985), «Сны не вяртаюцца» (1988), «імянны гадзіннік» (1991) тэмы жыцця сучаснай вёскі, гар. інтэлігенцыі, услаўленне чалавека працы, важным пытанні сучаснасці. Аўтар раманаў «Пасынак» (1993), «Крумкач» (1997).

І.І.Капыловіч.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),

князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг. каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы ім Дзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)