МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),
форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).
На тэр. Вял. кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл. Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.
У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц. культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказанне гуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 472