ПАСТЭРЭЛЁЗ,

гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРАГІ́ЧНАЯ СЕПТЫЦЭМІ́Я,

гл. Пастэрэлёз.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)