ПАСТЭРЭ́ЛЫ (Pasteurella),
род бактэрый сям. бруцэлавых. 4 віды. Найб. пашыраная і вывучаная P. multocida, якая выклікае захворванні свойскай і дзікай жывёлы (напр., пастэрэлёзы, бывае прычынай рэспіраторных хвароб чалавека.
Клеткі шара- ці яйцападобнай формы, нерухомыя, грамадмоўныя, інтэнсіўна афарбоўваюцца на полюсах. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Спор не ўтвараюць.
А.І.Ерашоў.
т. 12, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЭЛЁЗ,
гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 12, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕ́ННЫЯ МІКРО́БЫ,
віды мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы чалавека, жывёл і раслін. Паводле характару жыўлення — паразіты і сапратрофы. Бываюць унутрыклетачныя паразіты (напр., узбуджальнікі сыпнога тыфу), пастэрэлы развіваюцца ў крыві, халерны вібрыён і сальманелы пасяляюцца ў кішэчніку, узбуджальнікі пнеўманіі (некат. кокі) выклікаюць пашкоджанне клапанаў сэрца і інш. Паводле функцыян. значэння адрозніваюць 3 групы фактараў, якія садзейнічаюць інфіцыраванню арганізма: інвазіўныя (напр., з дапамогай варсінак бактэрыі прыліпаюць да эпітэліяльных клетак слізістых абалонак); асаблівасці будовы, што надаюць устойлівасць да ахоўных сістэм арганізма (напр., утварэнне капсул); таксічныя (напр., узбуджальнікі батулізму ці слупняку маюць экзатаксіны, якія выклікаюць інтаксікацыю арганізма з выбіральным пашкоджаннем ц. н. с. без наяўнасці адпаведных бактэрый). Умоўна П.м., якія звычайна з’яўляюцца нармальнай мікрафлорай, становяцца патагеннымі пры зніжэнні агульнай рэзістэнтнасці макраарганізма і інш. зменах яго імуналагічнага статуса. Гл. таксама Патагенез, Патагеннасць.
А.І.Ерашоў.
т. 12, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)