БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ, буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі),
жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз. ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл. Пастараль).
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРА́ЛЬ (франц. pastorale ад лац. pastoralis пастухоўскі),
у літаратуры — ідылічны твор любоўна-лірычнага характару з жыцця пастухоў і пастушак; жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі. Жанр. формы П. — эклога, паэма, раман, драма. Вытокі П. ў ант. паэзіі (буколікі Феакрыта, Вергілія) і л-ры ранняга Адраджэння (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо); пашырылася ў канцы 15—17 ст. (творы А.Паліцыяна, Т.Таса і інш.). У Расіі найб. выявілася ў творчасці М.Карамзіна, А.Сумарокава. Форму П. выкарыстаў у «Сялянцы» («Ідыліі») В.Дунін-Марцінкевіч.
У музыцы П. — невял. опера, пантаміма ці балет (а таксама іх асобныя сцэны) на ідылічны вясковы сюжэт. Узнікла пад уплывам ант. паэзіі. Пастаральныя оперы пісалі Г.Ф.Гендэль («Ацыс і Галатэя»), В.А.Моцарт («Басцьен і Басцьена»), Ж.Ж.Русо («Вясковы чараўнік») і інш. Узор стылізацыі П. — інтэрмедыя «Шчырасць пастушкі» ў оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага. Існуюць П. як вак. ці інстр. п’еса, што малюе карціны прыроды або жанравыя сцэны вясковага жыцця. Вак. П. ахопліваюць творы ад мадрыгала да сольнай песні ў суправаджэнні фп. Сольныя П. ёсць у І.Гайдна, Моцарта, Ф.Шуберта, Г.Вольфа і інш. Інстр. П. ствараліся як частка канцэрта або цыклічнага твора (concerto grosso А.Карэлі і інш.) і як самаст. творы для скрыпкі, фп., аргана. Сімф. П. часам бываюць асобнымі часткамі цыклічнага твора (3-я ч. «Фантастычнай сімфоніі» Г.Берліёза «Сцэна ў палях») або цэлымі цыкламі («Поры года» А.Вівальдзі, 6-я «Пастаральная сімфонія» Л.Бетховена). Характэрныя рысы інстр. П. — плаўны, спакойны рух мелодыі, часта падвоенай у тэрцыі, вытрыманыя гукі (бурдон) у басе суправаджэння, што ўзнаўляюць гучанне нар. валынкі, рытм сіцыліяны (памер 6/8, 12/8). У бел. музыцы інстр. П. стварылі Э.Зарыцкі (П.-канцэрціна для сімф. арк.), Я.Касалапаў (для фп. ў 4 рукі), А.Мдывані («Крэшчэнда» для валторны з камерным арк.), В.Сярых (Пастаральная саната для флейты і фп.), А.Чыркун (Паэма-П. для сімф. арк.) і інш.
т. 12, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)