ПАСТО́ЗНАСЦЬ (ад італьян. pastoso цестападобны) у тэхніцы жывапісу, якасць фарбавага слоя, што ўзнікае ад няроўнага нанясення на грунт густой фарбы-пасты. Атрыманая рэльефная паверхня часта захоўвае тую форму, якую надае ёй пэндзаль або мастыхін, і ўтварае ў найб. пукатых месцах блікі. Выкарыстанне П. дае магчымасць узмацніць эмац. выразнасць твора. найб. пераканаўча перадаць матэрыяльную насычанасць прадметнага асяроддзя, раскрыць пластычныя якасці самой фарбавай масы.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЦАВА (Надзея Віктараўна) (н. 21.10.1952, Мінск),
бел. жывапісец. Дачка В.Х.Лівенцава. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). У 1978—80 выкладала ў гэтым ін-це. Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны і кампазіцыі. Творам уласціва пастознасць мазка, перавага чыстых колераў у гарманічна-кантрастных спалучэннях. Сярод работ «Волечка» (1976), «Бацьку і маці — партызанам Беларусі — прысвячаецца» (1977), «У краіне сініх птушак» (1987), «Бег», «Сон у месячную ноч» (абедзве 1988), «Людміла» (1993), «На вяршыні» (1995), «Аляксандра», «Анёлы», «Саната» (усе 1996), «Прадчуванне», «Водаварот» (абедзве 1997), «Лета ўцякае» (1998), «Аўтапартрэт з сініцай у руках» (1999).
т. 9, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПІРО́ЎКА (франц. draperie),
размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.
У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.
Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.Станюты і М.Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.Анікейчыка, М.Данцыга, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.Марачкіна, М.Селешчука, У.Тоўсціка.
В.Я.Буйвал.
т. 6, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)