КАФ (англ. c.a.f. — cost and freight кошт і фрахт),
базісныя ўмовы пастаўкі і аплаты тавару, паводле якіх прадавец павінен паставіць тавар на борт судна (як прадугледжваецца ўмовамі ФОБ), заключыць дагавор марской перавозкі і аплаціць фрахт да пэўнага месца выгрузкі.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІ́НКА»,
дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася жараб’ёўка: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую ямку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «С.» (невял. кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр круга) і паставіць кіёк назад у ямку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную ямку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «С.» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.
В.Дз.Ліцвінка.
т. 14, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БУС,
шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,
спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПАСТА́ЎКІ,
пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел. нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТЭРМІНО́ЎКА,
1) спосаб аплаты тавараў або паслуг, пры якім плацяжы ажыццяўляюцца не ў поўнай суме іх кошту, а па частках. Пры Р. плацяжу паміж контрагентамі ўзнікаюць крэдытныя абавязацельствы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. найб. пашырана пры продажы рознічных тавараў у крэдыт.
2) У цывільным працэсуальным заканадаўстве суд, які пастанавіў рашэнне, правамоцны па заяве асоб, што ўдзельнічаюць у справе, зыходзячы з матэрыяльнага становішча бакоў або інш. акалічнасцей, растэрмінаваць або адтэрмінаваць выкананне рашэння. Такія заявы разглядаюцца ў суд. пасяджэнні. Пры наяўнасці акалічнасцей, якія ўскладняюць выкананне рашэння або робяць яго немагчымым, суд. выканаўца можа паставіць перад судом пытанне аб адтэрміноўцы або Р. выканання.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВАЯ ПРА́КТЫКА,
1) дзейнасць судоў па прымяненні законаў пры вырашэнні канкрэтных спраў.
2) Пэўная тэндэнцыя вырашэння судамі асобных катэгорый спраў з улікам рашэнняў судоў, якія набылі законную сілу, найперш судоў вышэйшых інстанцый. Садзейнічае аднастайнасці ў прымяненні законаў судамі. У Рэспубліцы Беларусь абагульняецца вопыт дзейнасці ўсіх судоў, канкрэтызуюцца асобныя нормы, робяцца ўказанні судам, як правільна разумець і прымяняць законы, на прыкладзе канкрэтных спраў адзначаюцца памылкі судоў пры іх вырашэнні. С.п. адыгрывае важную ролю ва ўдасканаленні заканадаўства, паколькі ў працэсе выкарыстання судамі законаў правяраецца эфектыўнасць дзеючых норм, выяўляюцца хібы, супярэчнасці і інш. недахопы існуючага заканадаўства. Вывучэнне і абагульненне С.п., якім займаюцца ўсе суды, ад Вярх. суда да раённых судоў, дае магчымасць глыбей раскрыць прычыны і ўмовы парушэння законнасці, своечасова паставіць перад адпаведнымі органамі і службовымі асобамі пытанне аб папярэджанні гэтых парушэнняў.
У шэрагу краін С.п. разглядаецца як крыніца права, стварае новыя формы (напр., у форме прэцэдэнту).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́ (Wydział zarządzający prowincjami Litwy),
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням. Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),
аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн. па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)