МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-та Сусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).
т. 10, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙМЁНАЎ Іван Цярэнцьевіч (13.4.1898, с. Старая Сурава Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 1938),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў работ па ракетнай тэхніцы ў СССР. Герой Сац. Працы (1991, пасмяротна). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1928). З 1932 нач. Газадынамічнай лабараторыі, у 1933—37 нач. рэактыўнага НДІ. Пад яго кіраўніцтвам ствараліся рэактыўныя снарады на бяздымным пораху (М-8, М-13) для пускавых установак БМ-13 («Кацюша»), авіяц. пускавыя ўстаноўкі. Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна. Яго імем названы кратэр на адваротным боку Месяца.
т. 18, кн. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕМА́К Георгій Эрыхавіч (2.6.1898, г. Старабельск Луганскай вобл., Украіна — 1938),
савецкі канструктар парахавых ракет. Ваен. інжынер 1-га рангу (1931). Герой Сац. Працы (1991, пасмяротна). Скончыў Ваенна-тэхн. акадэмію імя Дзяржынскага (1929). З 1919 у Чырв. Арміі. Служыў у Кранштаце. Ў час Кранштацкага паўстання 1921 арыштаваны, зняволены. З 1928 служыў на Чарнаморскім флоце, працаваў у Газадынамічнай лабараторыі. У 1934—37 нам. начальніка, гал. інжынер рэактыўнага НДІ. Адзін з асн. кіраўнікоў па распрацоўцы ракетных снарадаў на цвёрдым паліве, якія сталі асновай для стварэння снарадаў для рэактыўных мінамётаў «Кацюша». Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна. Яго імем названы кратэр на адваротным боку Месяца.
В.А.Юшкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,
ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРМС (сапр. Ювачоў) Данііл Іванавіч
(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш. чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—3. СПб., 2000.
т. 16, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ШЧАНКА Аляксей Ягоравіч (каля 1920, в. Воската Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 5.9.1942),
герой Вял. Айч. вайны. Вызначыўся на Сталінградскім фронце. 5.9.1942 аўтаматчык Вашчанка ў крытычны момант бою, калі праціўнік адкрыў кулямётны агонь з замаскіраванага дзота, з воклічам «За Радзіму!» кінуўся на дзот і закрыў сваім целам амбразуру. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Леніна.
т. 4, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСЦЕ́ЙКІС Леанід Іванавіч (1911, в. Усомля Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1944),
герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Паўн., Карэльскім франтах, Паўн. флоце. Электрык-пражэктарыст асобнага кулямётнага батальёна марской пяхоты старшына М. у час штурму ўмацаваных вышынь хрыбта Муста-Тунтуры закрыў сваім целам амбразуру варожага агнявога пункта. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Айч. вайны 2-й ступені.
т. 11, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ЦКІХ ВАЕННАПАЛО́ННЫХ у Францыі,
антыфашысцкая нелегальная арг-цыя сав. ваеннапалонных у складзе руху Супраціўлення на тэр. Францыі, акупіраванай ням. фашыстамі, у снеж. 1943 — снеж. 1944. Створаны па ініцыятыве Франц. камуніст. партыі ў Парыжы. Кіраўнікі: В.В.Порык (загінуў, пасмяротна Герой Сав. Саюза, 1964), І.М.Скрыпай і інш. К-т арганізоўваў уцёкі і паўстанні ваеннапалонных, партыз. атрады, выдаваў газ. «Советский патриот».
т. 17, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦА́ЕЎ Віктар Іванавіч (19.6.1933, г. Акцюбінск, Казахстан — 30.6.1971),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Пензенскі політэхн. ін-т (1955). З 1969 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як інжынер-выпрабавальнік). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля П. і члены экіпажа загінулі. У космасе правёў 23,8 сут.
т. 12, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ Іван Іванавіч (30.6.1895, в. Падстарыны Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.8.1938),
савецкі военачальнік. Скончыў Чугуеўскае ваен. вучылішча (1916). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, прапаршчык. Са снеж. 1918 у Чырв. Арміі, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З 1929 нач. і ваенком Аб’яднанай беларускай вайсковай школы. З 1932 камендант умацаванага раёна, з 1936 камандзір стралк. корпуса Асобай Далёкаўсх. арміі. Чл. ЦВК БССР у 1929—32. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)