СПІРЫ́ДА Макар Іванавіч (1867, в. Семернікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 1950),

бел. нар. казачнік. У 1894—1910 працаваў на тэкстыльнай фабрыцы ў прадмесці Нью-Йорка. Расказваў казкі землякам, якія збіраліся ў яго, каб паспяваць бел. нар. песні, паслухаць творы вуснай фантазіі роднага краю. Вярнуўшыся ў родную вёску, быў вядомы ў акрузе як славуты апавядальнік. Добра валодаў родным словам, дыялогам персанажаў, тонкім гумарам. Асаблівасці яго рэпертуару тыповыя для традыц. зах.-бел. фальклору. У 1948 ад яго рабіў запісы Л.​Р.​Бараг. Казкі С. ўвайшлі ў зб. на ням. мове «Беларускія народныя казкі» (1966, 10-е выд., 1980).

Літ.:

Бараг Л. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 241—242.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКА́ЗНІК,

галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.

Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.​Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.​Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.​Каваль; «Хлеб у нас свой», І.​Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.​Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.​Колас).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)