АКСЕЛЕРА́ТАР (ад лац. accelerare паскараць) у тэхніцы, рэгулятар колькасці гаручай сумесі, што паступае з карбюратара ў цыліндры рухавіка ўнутр. згарання (у дызелях — паліва з помпы). Прызначаны для змены частаты вярчэння каленчатага вала рухавіка і адпаведна скорасці руху аўтамабіля, трактара і інш.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРО́МЕТР
(ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй —
, дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.
2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).
3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)