Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНО́Е,
паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІ́ДЗЕНСКІЯ ЭМА́ЛІ,
бронзавыя ўпрыгожанні (падвескі-лунніцы, пацеркі) позняга этапу зарубінецкай культуры (2—5 ст.), аздобленыя выемчатымі эмалямі. Выраблялі, як мяркуюць, у ювелірнай майстэрні на паселішчыАдаменка (Быхаўскі р-н, урочышча Абідня). Трохвугольныя лунніцы (верхні вугал служыў вушкам) знізу завершаны круглымі гнёздамі для чырвонай эмалі (плаўленае рымскае шкло). Кожны вугал упрыгожваюць яшчэ тры выступы-дыскі. Пацеркі ў форме сплюшчаных выцягнутых паралелепіпедаў. Аналагічныя ўпрыгожанні знойдзены і на суседнім паселішчыТайманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Чачэрск, 72 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 495 ж., 219 двароў (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі паселішчы эпохі неаліту і бронз. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЎКА,
вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Бярэзіна, каля аўтадарогі Бабруйск—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 45 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 155 км ад Гомеля, 22 км ад чыг. ст. Мошны. 264 ж., 116 двароў (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка. Каля вёскі 2 паселішчы эпохі мезаліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс.г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙКО́ЎКА,
паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на УБел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НДЗЕЕ,
энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.