Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр. — г.п.Парычы. 20.8.1924 падзелены на 14 сельсаветаў: Добравальшчанскі, Дуброўскі, Каралеўскаслабодскі, Коўчыцкі, Любанскі, Парыцкі, Ракшынскі, Раманішчанскі, Сцяпоўскі, Чыркавіцкі, Чэрнінскі, Шацілкаўскі, Шчадрынскі, Якімаваслабодскі. З 20.2.1938 у Палескай вобл. На 1.1.1941 раён уключаў г.п.Парычы і 13 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. 9.6.1960 цэнтр раёна перанесены ў г.п. Шацілкі, які 29.7.1961 перайменаваны ў г.Светлагорск, а П.р. — у Светлагорскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎКА,
вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Парычы—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 143 км ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 831 ж., 337 двароў (1997). Б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́ (Аляксандр Якаўлевіч) (14.10.1921, в. Першае Мая Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.2.1993),
поўны кавалер ордэна Славы. З 1940 працаваў на чыгунцы ў Магілёве. У Вял.Айч. вайну партызан-падрыўнік, з ліст. 1943 на фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў 1943 у баі каля г.п.Парычы Гомельскай вобл., у 1944 пры фарсіраванні воднага рубяжа і ў баях на плацдарме ў Польшчы, у 1945 у баях ва Усх. Прусіі. Пасля вайны працаваў на радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧЫНЫ,
дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн.т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».
Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п.Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г.Бабруйск. Пл. 19,7 тыс.км², нас. 654,9 тыс.чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл.газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГІ́НСКІ (Сіман Залманавіч) (25.3.1900, г.п.Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1970),
расійскі фізікахімік. Чл.-кар.АНСССР (1939). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1922). У 1923—28 у Днепрапятроўскім горным ін-це, з 1930 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1961 у Ін-це хім. фізікі АНСССР (заг. лабараторыі), адначасова ў 1943—52 заг. кафедры Маскоўскага ін-та хім. машынабудавання. Навук. працы па гетэрагенным каталізе. Устанавіў сувязь паміж каталітычнымі і паўправадніковымі ўласцівасцямі цвёрдых цел (1938—40), што стала асновай паўправадніковых тэорый каталізу. Прапанаваў мікрахім. тэорыю актыўнай паверхні, тэорыю мадыфікавання каталізатараў (1950). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Бабруйск. Пл. 14,5 тыс.км², нас. 499,8 тыс.чал. (1924). У 1924—27 уключала 12 раёнаў (Асіповіцкі, Бабруйскі 1-ы і 2-і, Буда-Кашалёўскі, Гарадзецкі, Глускі, Жлобінскі, Клічаўскі, Парыцкі, Рагачоўскі, Свіслацкі, Стрэшынскі), 3 гарады (Бабруйск, Жлобін, Рагачоў), 4 мястэчкі (Асіповічы, Глуск, Парычы, Стрэшын), 145 сельсаветаў. На працягу 1927 у складзе Бабруйскай акругі са скасаванай Слуцкай акругі перададзены Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі р-ны; Бабруйскія 1-ы і 2-і р-ны аб’яднаны ў адзіны Бабруйскі р-н, Гарадзецкі і Стрэшынскі скасаваны, Буда-Кашалёўскі р-н перададзены ў склад Гомельскай акругі. Акр.газ. «Камуніст». 26.7.1930 Бабруйская акруга скасавана.